Лягатып Незалежны Барысаў
©akim | barysau@tut.by
Нашыя арганізацыі
|На галоўную| |Аб праэкце| |Архіў| |Зваротная сувязь| |Спасылкі|
Бальшавіцкая рэакцыя на сьцяг
На жаль, наш Барысаў ніколі не належаў да местаў з высокай палітычнай актыўнасьцю. Пэўна, некаторыя асаблівасьці ягонага гістарычнага разьвіцьця, гэаграфічнага становішча ды дэмаграфічнага складу насельніцтва былі таму патлумачэньнем. Вось і мне некалькі гадоў таму пашчасьціла быць сьведкам аднога здарэньня, на прыкладзе якога добра відаць узровень тутэйшае палітычнае культуры.

Спадзяюся, памяць усіх сумленных барысаўцаў захоўвае адзін зь дзён ганьбы нашага старажытнага места — 7 кастрычніка 1996 году — дзень, калі пры актыўным садзейнічаньні рэакцыйна настроенага кіраўніцтва Барысава быў адкрыты, адноўлены адмыслова да гэтае даты, помнік бальшавіцкаму кату Фэліксу Дзяржынскаму. Здавалася, што й мітынг, прысьвечаны гэтай сумнай падзее, мусіў быў адбыцца як і некалі ў старыя часы, каб раптам на ім не зьявіліся два студэнты, якія несьлі… бел-чырвона-белы сьцяг!

Невядома, што насамрэч падштурхнула маладых хлопцаў завітаць у лягер рэакцыянэраў й артадоксаў — можа й разуменьне таго, што нехта павінен быў адкрыта выказаць нязгоду з тагачаснымі падзеямі…

Спачатку выходзіла амаль што выдатна — людзі (моладзь і ня толькі) падыходзілі, выказвалі зацікаўленасьць і зьдзіўленьне, абяцалі далучыцца да сьмелых хлапцоў. Але частка натоўпу больш сталага веку адрэагавала на зьяўленьне беларускага сьцяга ня так сьціпла. Чамусьці старыя раптам успомнілі ня тое, што бачылі на ўласныя вочы падчас сталінскага рэжыму й ня тое, што распавядалі ім іхныя бацькі, а тое, што доўгія гады ім уцямяшвалі паліткіраўнікі на занятках палітінфармацыі. У выніку на хлопцаў пасыпаўся жудасны шквал эпітэтаў кшталту “фашысты”, а таксама пагрозы фізычнае расправы. Я ўпэўнены, што хутка пагрозы былі б зьдзейсьненыя. Бо які-небудзь “няпоўны кавалер юбілейных мэдалёў” ня здолеў бы болей трываць прысутнасьць праклятых “фашыстаў” і агрэў бы “сьвятым” дрэўкам “сьвятога” чырвонага сьцяга тых, хто сваім зьяўленьнем спрабаваў бараніць гонар роднага Барысава, каб не адна акалічнасьць. Па загаду аднога з сівавалосых гарадзіх кіраўнікоў хлапцы былі затрыманыя й адведзеныя ў РАУС (які як раз дарэчы быў пад бокам). Адзіным абвінавачваньнем у дачыненьні да юнакоў было “знаходжаньне на мітынгу зь бел-чырвона-белым сьцягам”. Але хлопцам у той час яшчэ не было 18 гадоў, таму іх прыкладна празь дзьве гадзіны адпусьцілі з ГАУСу, але ўжо бязь бел-чырвона-белага сьцяга.

Застаецца толькі здагадвацца, чым так нашкодзіў нацыянальны сьцяг кіраўніцтву горада й супрацоўнікам міліцыі. Магчыма былі пакрыўджаныя пэўныя настальгічныя пачуцьці прадстаўнікоў “старое гвардыі”, якая, учэпіста трымаючы ўладу ў сваіх дрыготкіх рукох, даўно ўжо зрабіла з нашае Беларусі своеасаблівую камуністычную “рэзэрвацыю”, ці мо’ паўплывала агульнадзяржаўная палітыка, скіраваная супраць нацыянальных сымбаляў.

На вялікі жаль, існуюць і іншыя, болей важкія й складаныя пытаньні. Чаму шматвяковая нацыянальная сымболіка сталася забароненай? Чаму народ уважае яе за “фашыстоўскую” альбо “БНФаўскую”?! Чаму пэнсіянэры ня вераць сваёй памяці й вачам, а адно толькі былой камуністычнай ды цяперашняй лукашэнкавай прапагандзе?! Адказы на гэтыя балючыя пытаньні ведаюць многія людзі. Тым больш цяжка разумець і ўсьведамляць гэта ды ставіцца да падобнага атавізму як да нормы.

P.S. Спытаеце, які ж быў далейшы лёс сьцяга? Некалькі разоў разьюшаныя міліцыянты спрабавалі разарваць яго! Але нездарма наш сьцяг ёсьць старадаўнім сымбалем свабоднай краіны — вытрымаў…

Па матэрыялах пэрыёдыку "Разам"
Сайт управляется системой uCoz